З 24 па 29 лістапада Гётэ Інстытут і расійска-нямецкі моладзевы партал
Точка-Treff ладзілі праграму для маладых журналістаў з былога сэсэсэру, прысьвечаную 20-годзьдзю з дня падзеньня бэрлінскага муру. Уласна, 20-годзьдзе было 9-га лістапада, так што сэнс нашай праграмы быў прасьледаваць па зацішных пасьля ўрачыстасьцяў месцах баявой славы, каб потым апісаць пабачанае ў родных выданьнях. Усяго журналістаў было васьмёра: па адным з Украіны, Расіі, Казахстану ды Ўзбэкістану, двое зь Нямеччыны і двое зь Беларусі.
Вязунчыкі! – думалася мне пра калег з былога СССР. Іх па адным з краіны – запарука таго, што напісаны імі пасьля паездкі ў Бэрлін матэрыял выявіцца ўнікальным у іх мэдыйнай прасторы. Мне ж не пашанцавала. Не, каб яны абралі кагосьці з “Нашайнівы”, – але ж канкураваць за ўвагу чытача па дадзеным пытаньні мне цяпер даводзіцца з САМІМ карэспандэнтам газэты “Зьвязда” Глебам Лабадзенкам!!! Чалавекам, які першы артыкул у рэдакцыю адаслаў ужо 26 лістапада, а ўсяго іх заплянаваў тры! Не кажучы ўжо пра штодзённае панаўленьне блога
http://labadzenka.by/.
Але ж эўрыка! – я знайшла нішу, якую апроч мяне ня зможа запоўніць ніхто. Падчас паездкі (і гэта было адной з умоваў праграмы) усе ўдзельнікі групы бачылі адно і тое ж. Інтэрвію былі групавымі, як згвалтаваньні. То бок, у нашым з Глебам досьведзе розьніцца максымум колер вадкага мыла ў жаночай і мужчынскай прыбіральнях Райхстагу. Але ж ёсьць, ёсьць адзін-адзіны шанец на сэнсацыю! Глеб бачыў тое ж, што і я. Глеб ня бачыў аднаго – сябе збоку.
Я паспрабую пераказаць падзеі бэрлінскага тыдня ў сэрыі фрашак пра Глеба Лабадзенку. Буйным шрыфтам у гэтых фрашках я буду вылучаць моманты, дзе, на маю думку, Глеб дэманстраваў кунг-фу ісьціннага журналіста.
ЛАБАДЗЕНКА І ПРАДСТАЎНІКІ “БЕЛАВІІ”Сустрэўшыся рана-ранкам 24 лістапада ў бусіку Гётэ-інстытута, мы з Глебам перабывалі ў прыўзьнятым настроі. Усё гэта працягвалася да самай рэгістрацыі на рэйс “Менск-Бэрлін”. Я здала багаж, прайшла пашпартны кантроль і абярнулася зірнуць, як там справы ў Глеба. Бачу – ён усё яшчэ на чэк-іне. Праз пару хвілін да яго падыйшоў чалавек у цывільным, “нават у сьвеце чараўнікоў, Гары, гэта кепскі знак” (с.). Я хвалююся, аддаю пашпарт памежнікам, падыходжу да Глеба, калі ён застаецца адзін. Міргаю яму вачыма чалавека, які чытаў раман “Параноя” Марціновіча.
– Ды не, – адказвае Глеб. – Тут проста невялікія праблемы зь візай.
Аказваецца, гэты душка намерыўся ляцець у Нямеччыну з “цнатлівым” польскім мульцікам. Шэнгенам, канешне, але прадстаўнікоў кампаніі “Белавія” шэнгенскасьць яго польскай візы не кранала ніякім чынам. Рэгістрацыя заканчвалася, я мусіла ісьці на пасадку, пакінуўшы таварыша ў бядзе (пазбыўшыся канкурэнта – непатрэбнае скрэсьліць).
Але ў глыбіні душы я ведала: ня бачыць мне эксклюзіву, як уласных завушніцаў-цьвічкоў. Знаёмы, які ляцеў тым жа рэйсам, спытаўся ў аўтобусе, дзе хлопец, зь якім я прыехала аэрапорт. Я сказала, дзе.
– Гэта ён даў маху. Канешне не прапусьцяць, – аўтарытэтна заявіў знаёмы. – Мяне так год таму не пусьцілі.
– Ня пусьцяць, анягож, – пацьвердзілі іншыя пасажыры.
А аўтобус завеў матор, але дзьверы не зачыняе.
Думаю, лішне расказваць, што ў найлепшых традыцыях Галівуду, як толькі Лабадзенка скокнуў з тэрміналу ў аўтобус, дзьверы зачыніліся і мы паляцелі.
Як выяўляецца, ляцець з польскай візай у Нямеччыну можна, але “Белавія” перастрахоўваецца, бо калі чалавека разварочваюць у аэрапорце прыбыцьця, штраф да 20 тыс. эўра плоціць перавозчык, які пусьціў у самалёт такога фрукта.
Жанглюючы імёнамі ўсіх начальнікаў “Мінску-2”, вывучанымі падчас нядаўніх авіякатастрофаў, Глеб
зблефаваў, напісаўшы заяву, што заплоціць штраф са сваёй кішэні.
– А што? Я ўжо настроіўся ляцець, спакаваўся, прыехаў... Я так і сказаў прадстаўнікам “Белавіі”:
“Вы сабе як хочаце, але я ўсё адно палячу” .
У самалёце, пабачыўшы шыльдачку з сэрыйным нумарам нашага крафта, Глеб радасна апавёў мне, што гэта той самы, які год таму двойчы не ўзьляцеў на Бэрлін, і чый брат-блізьнюк згарэў у Ерэване. Пасьля чаго са словамі:
“Кагда пачнём падаць, абудзі, каб я пасьпеў пафоткаць”, – абаперся галавой аб ілюмінатар і шчасьліва захроп. Пакінуўшы мяне сам-насам з маёй аэрафобіяй.
Атмшчэніе пасьледавала незамедліцельна, але, на шчасьце,
пасьля нямецкага пашпартнага кантролю, які Глеб прайшоў без праблемаў.
Як пішуць у газэце “Зьвязда”, працяг будзе.
Калі каму цікава, мой рэпартаж пра ўласна Бэрлінскі мур зьявіцца ў сьнежні ў “Новым часе”.